НАТУРА́ЛЬНАЕ СВЯТЛО́, непалярызаванае святло,

аптычнае выпрамяненне з хуткімі і хаатычнымі зменамі напрамку вектара напружанасці эл.-магн. поля. Мае восевую сіметрыю адносна напрамку распаўсюджвання. Прамое сонечнае святло блізкае да Н.с.

Святло, выпрамененае асобным цэнтрам выпрамянення (напр., атамам, малекулай), лінейна палярызаванае і захоўвае такі стан на працягу 10​−8с (ці менш, што вынікае з назіранняў інтэрферэнцыі пры вял. рознасці ходу). У наступным акце выпрамянення святло можа мець іншы напрамак палярызацыі Многія натуральныя крыніцы святла (напр., напаленыя целы, святлівыя газы) выпрамяняюць часткова палярызаванае святло, што тлумачыцца праходжаннем святла з глыбінных слаёў і ад крыніцы да назіральніка праз асяроддзе (палярызацыя пры адбіцці і рассейванні святла, дыхраізм асяроддзя і інш.).

т. 11, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)